нядзеля, 19.05.2024
horki.info в Viber horki.info в Instagram horki.info в Одноклассниках horki.info в ВК horki.info в Facebook horki.info в TikTok horki.info в YouTube Новости horki.info по почте

Пяць велікодных страў беларускай кухні з рэцэптамі

01.05.2024 – 08:32 | 1262

У гэту нядзелю 5 мая праваслаўныя будуць сустракаць светлае Хрыстова Уваскрэсенне. Традыцыйна пасля святочнай службы адбудзецца асвячэнне страў святочнага стала. Менавіта таму мы сабралі пяць традыцыйных рэцэптаў да Вялікадня, якімі карысталіся беларусы з даўніх часоў.

Велікодная пісанка

Зваранае курынае (радзей – качынае ці гусінае) яйка размаляванае ці аздобленае рознымі роспісамі (пісанкамі) – неад'емны атрыбут стала на Светлае Хрыстова Уваскрэсенне.

Пісанка.

Раней часцей за ўсё яйкі проста фарбавалі ў чырвонае. Апошнія ж некалькі гадоў вельмі распаўсюджаным сталі разнастайныя тэхнікі аздаблення. Яйкі распісваюць, упрыгожваюць разнастайнымі арнаментамі, ляпнінай ці аплікацыямі, напрыклад, з саломкі.

На Вялікдзень такія яйкі дораць адно аднаму, б'юцца імі за святочным сталом.

Сырная (тварожная) паска

Так па-беларуску завецца велікодны дэсерт з тварагу.

Тварожная паска.

Што трэба?

  • 500 грам тлустага тварагу.
  • 200 грам цукровай пудры.
  • Па 100 грам – масла, разынак і цукатаў з апельсінавай скуркі.
  • 80 грам лясных арэхаў.
  • 70 грам горкага шакаладу.
  • 4 вараныя жаўткі.
  • 4 сталовыя лыжкі рому і ванільная эсэнцыя.

Як гатаваць?

Тварог адціскаюць ад залішняй вільгаці з дапамогай марлі. Разынкі заліваюць кіпнем на 10 хвілін, які потым зліваюць. Гарэхі і цукаты наразаюць дробнымі кавалкамі. Шакалад цяруць на тарцы. Вараныя жаўткі пераціраюць праз сіта або відэльцам.

Размякчанае ад цеплыні масла змешваюць з цукрам і дадаюць да тварагу. Затым дадаюць арэхі, разынкі, цукаты, шакалад і жаўткі.

У замешаную тварожную масу дадаюць ванільную эсэнцыю і ром.

Форму для паскі высцілаюць марляй, куды выкладаюць тварожную масу. Яе прыціскаюць зверху грузам і пакідаюць у лядоўні на 12 гадзін. Пры гэтым, форму без дна ставяць на талерку, куды збіраецца сыроватка.

Паска (булка)

Тое, што зараз усе называюць кулічом.

Паска (булка)

Што трэба?

  • 4 кг мукі найвышэйшага гатунку.
  • 10-15 яек.
  • 2 літры малака.
  • 800 грам цукру.
  • 350 грам масла (невялікай тлустасці).
  • 10 грам ваніліну.
  • 1 шклянка дражджэй.

Як гатаваць?

Муку двойчы прасеяць праз сіта. Затым малако сагрэць амаль да кіпення. Памешваючы, усыпаюць у яго 2 шклянкі мукі і 1 шклянку свежых дражджэй. Рошчыну пакідаюць спець пад ручніком на гадзіну.

Як рошчына падымецца, замешваюць цеста і дадаюць астатнюю муку, 10 узбітых бялкоў, 5 цэлых яек, растопленае масла, цукар і ванілін.

Таксама можна дадаць карыцу, мак, міндаль, разынкі і цукаты.

Цеста месяць каля гадзіны сухімі рукамі да тугасці, пакуль не перастане прыліпаць да стала. Гатовае цеста раскладаюць па змазаных маслам формах. Іх дно і сценкі пракладаюць пякарскай паперай. Формы запаўняюць цестам на 1/3, пасля чаго пакідаюць пастаяць яшчэ гадзіну перад выпяканнем, каб булка вырасла.

Пры афармленні булак зверху выкладаюць з цеста кветкі, каласкі і птушак, а на галоўную булку – крыж.

Перад выпечкай булкі змазваюць яечным бялком, каб атрымалася залацістая скарынка. Духоўку даводзяць да +220°C, пасля чаго булкі выпякаюць 35-40 хвілін. Калі залішне румяніцца ніз, на дно духоўкі ставяць міску з вадой. Калі верх – булкі накрываюць змочанай у вадзе пякарскай паперай.

Гатоўнасць правяраюць драўлянай палачкай. Гатовыя булкі зверху прысыпаюць кменам, макам, глазурай з цукру або каляровай пасыпкай.

Велікодная бабка

Святочны пірог з разынкамі і міндалем. Дзякуючы свайму рэцэпту, які вядомы на беларускіх землях з XIV стагоддзя, некалькі дзён захоўвае мяккасць і свежасць.

Велікодная бабка.

Што трэба?

  • 1 літар мукі.
  • 10 жаўткоў.
  • 5 яек.
  • Шклянка малака.
  • 200 грам цукру.
  • 130 грам разынак без костак.
  • Паўшклянкі топленага масла.
  • 65 грам міндалю.
  • 50 грам дражджэй.
  • 65 грам цукатаў або апельсінавай цэдры, смажанай у цукры.
  • Таксама выкарыстоўваюць алей і паніровачныя сухары для формы.

Як гатаваць?

Паўлітра мукі разводзяць шклянкай цёплага малака, змяшанага з дражджамі (50 грам). Атрыманае перамешваюць і пакідаюць у цёплым месцы, каб расло цеста. Калі цеста ўздымецца, пакрысе даліваюць 10 узбітых жаўткоў і 5 яек, якія перамешваюць. Затым дасыпаюць рэшту мукі і ўзбіваюць цеста, пакуль не пачне адставаць ад рук.

Пасля ўсыпаюць 200 грам цукру і ўліваюць топленае масла пакаёвай тэмпературы. Урэшце ўкідваюць тонка нарэзаны ўздоўж міндаль (65 г), разынкі (130 г) і цукаты.

Атрыманае размешваюць і кладуць у форму, змазаную алеем і абсыпаную сухарамі. Пры гэтым, форму запаўняюць напалову. Калі цеста дадаткова падрасце, пірог выпякаюць у гарачай печы гадзіну і 15 хвілін.

Завіўныя зразы

Абавязковым на велікодным стале была і мясная страва. Напрыклад, завіўныя зразы.

Завіўныя зразы

Што трэба?

  • Ялавічына (мяса каровы) – 450 грам.
  • Свіны фарш – 150 грам.
  • Цыбуля – 120 грам.
  • Вяршкі (сліўкі) – 250 мілілітраў.
  • Адно яйка.
  • Лыжка смятаны.
  • Шчопаць кмену.
  • Тры зорачкі гваздзікі.
  • Тры лаўровыя лісткі.
  • Галоўка часнаку.
  • Чорнага перца 10 гарошынак.
  • Алей – 6 сталовых лыжак.
  • Пук пятрушкі.
  • Соль і пераць – па смаку.

Як гатаваць?

Мяккую ялавічыну нарэзаць папярок валокнаў на вельмі тонкія лустачкі, адбіць іх малатком, пасаліць і паперчыць. Для начынення спатрэбіцца свіны фарш. Для запраўкі фаршу дробна пасячы цыбулю і абсмажыць на алеі да залацістага колеру. Сам фарш прыправіць, дадаць астылую смажаную цыбулю, жаўток і лыжку смятаны. Перамяшаць да аднароднай масы.

На адбіты кавалак ялавічыны пакласці начыненне, згарнуць у рулет і завязаць атрыманы рулет у некалькіх месцах кулінарнай ніткай. Нітку спачатку лепш патрымаць у гарачай вадзе для зручнасці.

Зразы абсмажыць на разагрэтым алеі з абодвух бакоў. Потым рулеты перакласці ў посуд для запякання. Паліць іх вяршкамі, дадаць чорнага перцу гарошкам, крыху гваздзікі, шчопаць кмену, некалькі лаўровых лісткоў, памяшаць і пакінуць запякацца пры 180 градусах у духоўцы на 20 хвілін. Праз 10 хвілін парэзаць часнок і ўкінуць яго ў вяршковы соус. Каб надаць зразам адмысловы водар і смак, іх трэба падаваць з насыпанай пятрушкай.

За сталом на Вялікдзень не забудзьцеся на традыцыйнае віншаванне: Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос!

Рэкамендуем вам:

Падзяліцца

Viber Аднакласнікі УКантакце Facebook Email